
Парадак і гаспадарлівыя адносіны да ўласнага падворка, прыдамовых тэрыторый, земляў агульнага карыстання не губляюць сваёй актуальнасці і зараз. Не ўсё можа прыкрыць снег, які сёлета нечакана выпаў 18 лістапада. Што хаваецца пад ім ля кантэйнерных пляцовак, у гаражных масівах і садаводчых таварыствах, выяўлялі ўдзельнікі рэйду, які адбыўся напрыканцы лістапада. У паездку накіраваліся начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір САРОКА, галоўны спецыяліст інспекцыі Наталля ЯКІМАВЕЦ, памочнік урача-гігіеніста Васіль ТАРАСЮК і карэспандэнт “СП”.
Крыху палепшыла
настрой удзельнікаў сумеснага рэйду наведванне гаражнага масіву на вуліцы Садовай.
Тут панавалі чысціня і парадак. Агульную карціну псавала толькі выстаўленае
смецце ля двух гаражоў. А ў цэлым было такое ўражанне, што ўласнікі добра
падрыхтаваліся да зімы: прыбралі друз і смецце самі, каб яно не чарніла белае
покрыва снегу.
Лыжку дзёгцю ў бочку мёду дадалі кантэйнерныя пляцоўкі на вуліцах Гагарына і Лесапаркавай. Кантэйнеры былі пустыя, але каля іх горкамі ляжалі раслінныя адходы ды галіны дрэў, а на вуліцы 67 палка нават стаяла кухонная шафа.
– Такая сітуацыя назіраецца з тае пары, як тэрыторыя ля кантэйнерных пляцовак перайшла на баланс ЖКГ, – патлумачыла Наталля Якімавец. – Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод забірае адходы з кантэйнераў, а тое, што стаіць ля іх, па-за пляцоўкамі, пакідае. Толькі паспеюць камунальнікі прыбраць мяхі і раслінныя адходы, як горы смецця зноў вырастаюць, нібы грыбы пасля дажджу.
Наступны пункт
маршруту – могілкі на вуліцы Міру. Кантэйнеры для смецця пустыя, а вось ля іх –
два крыжы і кавалкі разбітага помніка.
І яшчэ больш
пагоршыла настрой тэрыторыя ля дома на вуліцы Рампавай, 7. І сам будынак
выглядае непрывабна, і ўсё вакол засмечана. Складваецца ўражанне, нібы дом без
выгод і ля яго не касілі год.
Напрыканцы ўдзельнікі рэйду вырашылі праверыць кантэйнерную пляцоўку каля аптэкі на Леніна. Парадавала вока камісіі чысціня. Умеюць жа ўсё-такі жабінкаўцы падтрымліваць парадак, калі захочуць. А гаспадарам смецця, што трапіла ў аб’ектыў фотакамеры, хочацца нагадаць, што для раслінных адходаў існуюць спецыяльна адведзеныя пляцоўкі на вуліцы Лясной, 1; Чкалава, 8; Чарнака, 2; Базанавай, 27 і Заводскай, 2. Для збору і часовага захоўвання буйнагабарытных адходаў абуладкаваны месцы на вуліцы Зарэчнай, 22 і 22 З’езда КПСС, 5.
Жабінка- чысты і прыгожы горад, люстэрка адносін жыхароў да малой радзімы. Давайце не будзем засмечваць нашу прыгажуню ні летам, ні зімой.