
Гэты расказ не пра трох розных людзей. Герой адзін – Міхаіл Паўлавіч Карнееў (1925 – 2005). Жабінкаўцу было наканавана прайсці франтавымі дарогамі. Яму, народжанаму ў 1925-м, пашчасціла сустрэць Дзень Перамогі. Хоць вельмі шмат яго равеснікаў склалі галовы ў вайну. А затым, у мірны час, ветэран развіў свой мастацкі талент, каб маляваць карціны і вучыць гэтаму дзяцей.
23 лютага 1985 года я назаўсёды пасябраваў з раёнкай. У “Сельскай праўдзе” ў гэты святочны дзень пабачыў свет найпершы мой артыкул. А напярэдадні быў урок чарчэння ў першай гарадской школе, на якім дзевяцікласнікі атрымалі заданне намаляваць нешта на конкурс, прысвечаны Савецкай Арміі. Я “пыхцеў” над рысункам са спадарожнікам. Настаўнік падышоў да парты, зірнуў і стаў хутка дамалёўваць алоўкам цень, гаворачы:
– Без ценю спадарожнік не рухаецца, а вось так, бачыш, паляцеў?
У той час раёнка абвясціла конкурс да 40-годдзя Перамогі. Міхаіл Паўлавіч нярэдка апранаў свае ўзнагароды, і я папрасіў пасля ўрока пагаварыць пра яго баявы шлях. Так і нарадзіўся артыкул, названы “Аўтамат і аловак”. Раскажам пра тое, што не трапіла ў той юнацкі допіс, дасланы ў рэдакцыю.
У вайну хутка сталелі, і Міхаіл Карнееў, прыпісаўшы сабе амаль два гады, трапіў на фронт. Была вясна сорак трэцяга года. Вядома, тады ў гарачай бітве пад Сталінградам ніхто не мог ведаць, што да Перамогі застаюцца шматлікія крывавыя баі, доўгія вёрсты і дні.
Літаральна кожны крок маладога байца таіў небяспеку, паколькі яму давялося служыць у 108-м асобным інжынерна-мінным батальёне. 18-гадовы баец са сваімі таварышамі не толькі мініраваў плацдармы, але й здабываў з зямлі небяспечныя варожыя “падарункі”. Пазней Міхаіл Карнееў успамінаў: асабліва напружана было летам 1943 года пад Харкавам. Ён тады служыў на 2-м Украінскім фронце. Мастак нават паказаў сваю новую карціну “Бой за вёску Вярблюжка”, якую пазней перадаў у музей.
Вайну малодшы сяржант закончыў у Празе, яе вызвалялі арміі 2-га Украінскага фронту. Дамоў баец вярнуўся з дзвюма ўзнагародамі. Восенню 1944-га яго кіцель упрыгожыў медаль “За баявыя заслугі”. А медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.” Міхаіл Карнееў атрымаў 9 мая 1945 года – у дзень, калі гучалі салюты.
Маляваць Міхаіл Паўлавіч пачаў з дзяцінства. Нават у арміі, у перапынках паміж баямі, ствараў партрэты баявых таварышаў. Пагэтаму пасля вайны юнак бачыў працяг сваёй жыццёвай дарогі ў творчасці. Адвучыўся ў Ленінградскім ваенна-інжынерным вучылішчы і ў мастацка-графічным інстытуце ў Маскве. Быў размеркаваны ў Кобрын. Прыехаў цягніком у Брэст, дзе зусім выпадкова сустрэўся з дырэктарам Жабінкаўскай школы-інтэрната. Перакінуліся літаральна парай-тройкай слоў – і таленавіты мастак, які прайшоў вайну, згадзіўся стаць настаўнікам у нашым горадзе.
З таго часу больш за сорак гадоў воін, мастак і настаўнік пражыў у Жабінцы. Закаханы ў палескія краявіды, ён напісаў каля паўтысячы палотнаў. Натхнёны творца натхняў іншых. Малюнкі яго выхаванцаў удзельнічалі ў выставах не толькі ў Беларусі і Расіі, але нават у Японіі.
Міхаіл Паўлавіч стаў аўтарам першага эскіза герба Жабінкі, удзельнічаў у стварэнні малюнкаў, прысвечаных лёсу “вогненнай вёскі” Драмлёва і экспазіцый будучага раённага музея ў Малых Сяхновічах.
Тэма вайны ніколі не пакідала ветэрана. Ён адчуваў, быццам зноў ідзе па мінным полі пад Харкавам ці Сталінградам, калі сын Павел трапіў на Афганскую вайну. Паўлу Міхайлавічу, як некалі Міхаілу Паўлавічу, пашчасціла жывым вярнуцца дамоў. Але ліхалецце не праходзіць бясследна: ужо няма на зямлі ні бацькі, ні сына…
На шчасце, яшчэ захоўваюцца карціны, створаныя Міхаілам Карнеевым, а ля помніка воінам-афганцам штогод нагадваюць Паўлава імя.
Источник: zhabinka.by