
Вайна – не жаночая справа. Аднак, калі трывожным чэрвеньскім ранкам 1941 года прыйшло ліхалецце, многія жанчыны далучыліся да мужчын, каб бараніць Радзіму. Амаль паўмільёна грамадзянак Савецкага Саюза былі прызваны на вайсковую службу. Адной з іх стала Вольга Аксенцьеўна Андрасюк (1915 – 2011).
Яна пражыла амаль сто гадоў. Але як палічыць тыя дні, месяцы, гады, калі маладая жанчына была салдатам? Год за тры, пяць, цэлае жыццё?..
Яшчэ да вайны дзяўчына з Сакалова пабралася шлюбам з ваенным медыкам Іванам Шумчанкам. Той павёз жонку дамоў, пад Растоў, знаёміць з маці. Ды свякроў сынаў выбар не ўхваліла. Не склаліся адносіны, а як Іван загінуў на вайне, сказала нявестцы як адрэзала: “Ты мне не ўрач і не памагач!”
Оля пярэчыць не стала і пайшла ў ваенкамат. Прасіла накіраваць на фронт, каб за мужа помсціць. Спадзявалася, што будзе змагацца на перадавой, а замест таго трапіла на кухню – з апалонікамі ды каструлькамі “ваяваць”. Праз некалькі месяцаў яе зрабілі пісьманосіцай. Вядома, радавалася разам з байцамі, калі тыя атрымоўвалі вестачкі з дому, некаторым дапамагала пісаць лісты.
Аднойчы адбыўся выпадак, што рэзка змяніў вайсковае жыццё. У часць прыбыў афіцэр, які набіраў байцоў у аўтароту. Ён звярнуў увагу на маленькую, але зухаватую жанчыну, што пажадала стаць шафёрам. Вольга літаральна ўсё разумела з паўслова і хутка авалодала навукай ваджэння легкавых і грузавых аўтамабіляў.
А далей яе чакала далёкая камандзіроўка. Разам з пяццю сяброўкамі, якія таксама сталі шафёрамі, яна рушыла за мяжу, у Іран. Быў 1943 год, і морам амерыканцы па ленд-лізу даставілі ў гэту паўднёвую краіну свае “студэбекеры”. Магутныя машыны былі вельмі патрэбныя Чырвонай Арміі, у тым ліку на іх планавалася ўсталяваць рэактыўныя мінамёты – знакамітыя “Кацюшы”.
Праз доўгія гады, успамінаючы тую вандроўку, Вольга Аксенцьеўна расказвала весела і распеўна:
– Толькі зірнула я на вялізны “студэбекер” – ажно заплакала. Божачкі мой! Мамачка мілая! Я ж такая маленькая, кволая трасціначка… Як жа сяду за руль такой машыны?!
Але ж камандзір разумны аказаўся, прамовіў душэўна:
– Што гэта за баец такі?! Адставіць слёзы!
Дыс-цы-плі-на: давялося выканаць загад – адставіць слёзы… Афіцэр скатаў шынель, каб маленькую вадзіцельку было за абаранкам відно. Оля паспрабавала раз-другі. Тут і ўпэўненасць прыйшла.
– Я тады яшчэ падумала: чаго я так спужалася? – успамінала ветэран. – Ды тое ж самае, як на малой машыне. Нават калону павяла! Потым на фронце і “шэўрале” вадзіла, і на палутарцы снарады падвозіла. Бывала ж такое: сярод ночы вязеш раненых з перадавой. І крычаць яны ў кузаве, і енчаць, а я ж не вінаватая, хлопчыкі… Божачкі-божачкі, давязеш у медсанбат, здасі – і хутчэй на склад па снарады, ды зноў у рэйс…
Як адгрымела вайна і завяршыліся франтавыя рэйсы, Вольга Аксенцьеўна вярнулася ў роднае Сакалова. Яе рукі чакала мірная праца, якой гераічная жанчына прысвяціла дзесяцігоддзі. Мела вялізную павагу ў аднавяскоўцаў. Яе тэхнічныя ўменні здзіўлялі нават мужчын. Сакалоўцы расказвалі, як аднойчы зламалася машына. Мужчыны спрабавалі адрамантаваць, ды ніяк не выходзіла, а як Вольга Андрасюк узялася, трохі “паваражыла” – і матор ажыў… Памятаюць рукі яшчэ, памятаюць…
2010 год быў юбілейным – краіна адзначала 65-я ўгодкі Перамогі. Актывісткі “Беларускага саюза жанчын” з Жабінкі намінавалі Вольгу Аксенцьеўну на званне “Жанчына года”.
Урачыстасць ладзілася ў сталіцы. Маладзейшыя хваляваліся, але не было хваляванняў у жанчыны, якая размяняла дзясяты дзясятак. У перапоўненай зале Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пад гарачыя апладысменты ўзышла на сцэну маленькая жанчына з вялікім сэрцам. Вольга Андрасюк атрымала ўзнагароду ў намінацыі “За сілу духу і стойкасць характару”. Яна адшукала душэўныя словы, каб прамовіць запавет маладым – тым, каму жыць далей і берагчы мір на зямлі.
Праз год Вольгі Аксенцьеўны не стала. Яна любіла жыццё, і жыццё любіла яе. Найлепшымі святамі цудоўная жанчына лічыла 8 Сакавіка і Дзень Перамогі. Калі ва ўрачыстыя моманты апранала свой пінжачок са шматлікімі медалямі, на іх зіхацелі промні яркага сонца. Яна сама падавалася нейкай сонечнай. Так многія казалі.
Пра Вольгу Аксенцьеўну памятаюць не толькі ў Сакалове. Калі завітаеце ў музейны пакой, размешчаны ў першай гарадской школе, пабачыце шыкоўны альбом, прысвечаны гэтай легендарнай жанчыне, і пачуеце яе прыемны голас, запісаны на стужку.
Источник: zhabinka.by